Аршанскі музей У. С. Караткевіча
«Орша — мой любы горад, мая спрадвечная маці...» — так пісаў пра свой родны горад вядомы беларускі пісьменнік Уладзімір Караткевіч.
І гэта ўзаемна. Орша не толькі памятае і любіць, але і ганарыцца сваім таленавітым земляком. У 1994 годзе ў Оршы быў створаны музей «Нашы знакамітыя землякі», адзін з раздзелаў экспазіцыі якога планавалася прысвяціць Уладзіміру Караткевічу. Але ў 1995 годзе паступіла прапанова ад Саюза пісьменнікаў Беларусі аб стварэнні ў Оршы менавіта музея У. С. Караткевіча. І ўжо ў верасні 1997 года музею знакамітых землякоў была дадзена назва «Аршанскі музей У. С. Караткевіча». У 2000 годзе да 70-годдзя з дня нараджэння пісьменніка быў адчынены будынак музея з невялікай экспазіцыяй толькі ў адной зале. А з лютага 2002 года музей гасцінна расчыніў дзверы для сваіх наведвальнікаў.
Экскурсія пачынаецца ўжо на ганку музея, бо ў гэтым будынку-помніку грамадзянскай архітэктуры канца ХІХ — пачатку ХХ стст. — з 1925 года размяшчаўся радзільны дом, у якім 26 лістапада 1930 года і з'явіўся на свет будучы пісьменнік.
У дзвюх прасторных залах на першым паверсе будынка размясцілася музейная экспазіцыя пад агульнай назвай «Партрэт пісьменніка і чалавека». Цэнтральную частку экспазіцыі першай залы займае творчая майстэрня пісьменніка — фрагмент кабінета яго мінскай кватэры. У 2005 годзе да 75-годдзя Караткевіча была адкрыта другая зала, прысвечаная літаратурнай спадчыне нашага земляка. Тут пануе ўзвышаная і рамантычная атмасфера, бо па стылі сваёй творчасці Уладзімір Караткевіч быў пісьменнікам-рамантыкам. Унутры экспазіцыі знаходзіцца навукова-даследчы цэнтр. Ён уключае навуковую бібліятэку, метадычныя матэрыялы, працоўнае месца даследчыка. Тут жа можна пачуць унікальныя запісы голасу самога пісьменніка, музычныя творы беларускіх выканаўцаў на яго вершы, паглядзець мастацкія фільмы паводле сцэнарыяў Караткевіча. На другім паверсе музея знаходзіцца мастацкая галерэя.
Да пачатку 2012 года музей наведала больш за 100 тысяч чалавек.
Сёння ў экспазіцыі — каля 640 прадметаў. Самыя каштоўныя з іх — асабістыя рэчы пісьменніка, рукапісы яго твораў, малюнкі Караткевіча-мастака.
У архіве музея — цікавыя тэматычныя экскурсіі, музейныя заняткі, відэатэка фільмаў пра Караткевіча і фільмаў, знятых па яго сцэнарах.
Музей актыўна ўдзельнічае ў міжнародных выставачных праектах, супрацоўнічае з Японіяй, Польшчай, Літвой, Украінай, Расіяй, Германіяй, Швецыяй. На базе музея адбыліся дзве Міжнародныя навуковыя канферэнцыі, прысвечаныя творчасці Уладзіміра Караткевіча.